}
Блог настаўніка беларускай мовы і літаратуры Аксаны Уладзіміраўны Карповіч

У краіне роднага слова

Вучням 5 класа



Дарагія пяцікласнікі! 
    Дадзеная старонка змяшчае шмат цікавых заданняў, якія не толькі дапамогуць раскрыць таямніцы роднага беларускага слова, але стануць добрым дапаможнікам у падтрыхтоўцы да ўрокаў. 


 Беларуская літаратура ( на 01.12)
Уладзімір Караткевіч "Нямоглы бацька"
Паспрабуйце знайсці адказы на наступныя пытанні. Гэта дапаможа атрымаць добрыя адзнакі на ўроку. 
- Калі адбываецца дзеянне ў творы?
- Якога Закону трымаліся людзі? У чым яго сутнасць?
- Што за чалавек быў Гнат?
- Што адчувае Пятро пасля таго, як пакінуў бацьку ў лесе? Аб чым гэта сведчыць?
- Чаму бацька Пятра з дужа  старых на вёсцы быў адзін?
- Навошта Пятро кідаў у будан косці?
- Якія выпрабаванні выпалі на долю вёскі?
- Якое выйсце прапанаваў Пятро? Хто яму дапамог у гэтым?
- Якія мудрыя словы сказаў сын перад грамадой? Знайдзіце і зачытайце іх. Як вы разумееце іх сэнс?

Каму належаць наступныя словы?
1) "Няма чаго ў рот валачы, калі барану валачы не можаш". 
2) " - Ты чаго гудзіш, як свіння?.. Чаго так пільна хочаш? Крыві чужой?"
3) "І мы ўсе, хто на парозе, - перад дарогаю ў лес - вырашалі патаемна: лепей ужо там легчы, чым ад сваіх..."
!!! Твор для пазакласнага чытання па літаратуры
Янка Брыль "Цюцік". Пытанні і заданні да твора размяшчу  напярэдадні ўрока. 
==============================================
Беларуская мова на 04.12.
Рабяты, мы заканчваем вывучаць раздзел "Сінтаксіс і пунктуацыя". Паўтарыце правілы, паспрабуйце выканаць наступныя практыкаванні 

Заданне на дадатковыя балы!!!
( Алімпіядныя заданні)

1. Зрабіце сінтаксічны разбор сказаў. 
Высока ў небе плануюць буслы.
Па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы.                                
За лесам устае залатое сонейка                                           

2.Запішыце правільна словы .

Паштал…ён,  сузор…е, вераб…і , салаў…і, б…яграфія, б…ёлаг, пя…чаны, 
л…снічоўка, т…атр, п…шта.
                                                                             
3.Е ці Я? Устаўце патрэбную літару.

Л…док, цец…рук, л…снік, ве…ць, г…рой, г…нерал, кал…ктыў, с…анс, св…тлець, л…док.
                                                                                           
4. Запішыце словы па – беларуску: семья, жизнь, внук, судья, урожай, березка, аквариум, озеро, наука, пауза, здоровье, театр, медь, железо.

                                                     
5. Выберыце з дадзеных спалучэннў слоў фразеалагізмы. Растлумачце іх значэнне.

Кляваць носам, кляваць зерне, увайсці у становішча, увайсці ў пакой, разводзіць рукамі, развадзіць масты,
                                                                                              
6. Запішыце нумары сказаў  у такой паслядоўнасці,  каб атрымаўся тэкст.

1. З мяккай    журбой любуешся гэтым залатым дажджом восені
2. У ім не чуваць нават подыху ветрыку.
3. Аслаблае лісце зрываецца з дрэў і ціха кладзецца на зямлю.
                                                                                                            
 ЖАДАЮ ПОСПЕХАЎ!


==========================================================
Беларуская літаратура ( на 08.12.)
Дамашняе заданне: дачытаць казку Георгія Марчука "Чужое багацце". Чытаючы казку, рабяты, паспрабуйце знайсці адказы на наступныя пытанні. Гэта дапаможа вам быць больш актыўнымі на ўроку і атрымаць добрыя адзнакі. 
- Хто такая Ганначка?
- Якім быў матчын запавет?
- Хто такі пан Майданскі? Як ён выглядаў?
- Ці меў Майданскі памагатых? 
- Чаму Ганначка кожную вясну сеяла лён, жыта, каноплі?
- Хто такі Іванка?
- Аб чым марылі Пачварнік, Русалка, Кадук? Чаму зайздросцілі?
- Па якой прычыне Кадук сам не мог змагацца з Буслам?
- Хто і як мог знішчыць Бусла? Чаму?
- Для чаго пан Майданскі адправіўся ў госці да Ганначкі, апрануўшыся ў касцюм матадора?
- Чаму Ганначка аслепла?
- Ці можа вярнуцца памяць да Івана?
- Якая дамова была паміж Пачварнікам, Русалкай і Іванам?
- Як Іванка і Бусел перахітрылі Русалку і Пачварніка?
-Для чаго патрэбна было, каб Ганначка патанцавала з Кадуком?
- Як памёр Кадук? Якім было яго апошняе заданне?
- Што сталася з Пачварнікам і Русалкай пасля смерці Кадука?
-Як вы лічыце,чаму твор называецца "Чужое багацце"?
- Дакажыце, што гэта сучасная літаратурная казка( прывядзіце прыклады: словы, словазлучэнні...)

Дадатковыя балы!!! Намаляваць малюнак да любога эпізоду казкі і расказаць пра намаляванае.
Жадаю поспехаў!

==============================================
Беларуская мова ( на 11.12.)
Паспрабуйце ( хто жадае дадатковыя балы ) выканаць наступныя заданні.

1.Выдзелiце граматычную аснову. Якiмi  часцiнамi мовы выражаны дзейнiк  і выказнік?
Якуб Колас нарадзіўся ў маляўнічым лясным кутку.
Каля самага берага ракі рос тоўсты магутны дуб.
Маленькая птушачка сядзе на мяне, я не выдзержываю і адразу гнуся да самае вады.
                                                                                               
2.Запішыце правільна словы .
Чаро(д,т)ка, інж(ы,э)нер, камп’ют(э,а)р, л(я,е)снічоўка, сн(я,е)гір, чац(ь)вер, 
Іл(л,ь)я, г(і,е)рой, па(у,ў)за.
          
3.Падкрэсліце назоўнікі мужчынскага роду, складзіце з імі словазлучэнні.

Гусь, сабака, насып, цюль, вуаль, боль, дэпо, шынель.
                
4.Запішыце па-беларуску і вызначце від словазлучэння( назоўнікавае, дзеяслоўнае, прыслоўнае).

Охотничья собака -                                  очень быстро -
читать выразительно-                              нестерпимая боль -                                   хорошее поведение-                                 старше меня-
                                                                                                                               
5. Выберыце з дадзеных спалучэннў слоў фразеалагізмы. Растлумачце іх значэнне.
 Кляваць носам, клявацьзерне, увайсці ў становішча, увайсці ў пакой, разводзіць рукамі, развадзіць масты,
                                                                                                
6. Запішыце нумары сказаў  у такой паслядоўнасці каб атрымаўся тэкст.Вызначце стыль тэксту.

1. З мяккай журбой любуешся гэтым залатым дажджом восені.
2. У ім не чуваць нават подыху ветрыку.
3. Аслаблае лісце зрываецца з дрэў і ціха кладзецца на зямлю.
                                                                                
7. Зрабіце фанетычны запіс слоў.
Налью, мільярд, просьба, школьнік, футбол.

    Таго, хто выканае ўсе заданні правільна, чакае сюрпрыз!           
Для самых старанных!!!
Расшыфруйце прыказку, запісаную лічбамі, якія адпавядаюць нумарам літар у алфавіце: 
               
   26, 1, 13, 1, 3, 6, 12      2, 6, 9,    17,18, 1, 25, 28     27,20, 16

17, 20, 21, 27, 12, 1         2, 6, 9     12, 18, 28, 13, 1, 22                                                                                                                                         
====================================
Беларуская літаратура ( на 11.12.)
Дамашняе заданне: прачытаць казку П.Сіняўскага 
" Зачараваная гаспадарка". Знайдзіце адказы на наступныя пытанні:
- Як завуць першага героя, з якім вы пазнаёміліся на старонках твора?
- Хто ён па нацыянальнасці? Дзе жыў?
- Якое меў багацце герой твора?
- Якая бяда здарылася з героям?
- Што змянілася ў яго жыцці? ( расказаць)
- Як змяніліся адносіны ў сям'і героя? ( зачытаць)
- Якая ўцеха была ў Гаўрылы?
- Хто такі Алесь? Якім ён быў?
- Які наказ дае Гаўрыла сваім сынам?
- У які горад прыйшлі браты?
- Які надпіс быў на белакаменным палацы? Як іх там сустрэлі?
- Як называўся гранітны палац? Як там сустрэлі братоў?
- Куды трапіў Алесь? Што яго выратавала?
- З кім сустрэўся Алесь у лесе? Пра што даведаўся?
- Што і чаму прапанавалі Алесю жыхары вёскі?
- Што зрабіў з падарункам Алесь?
- З чаго быў зроблены палац Змея Гарыныча?

Дадатковыя балы!!!
- намаляваць малюнак да любога эпізоду казкі і расказаць пра намаляванае;
- выпісаць ў сшытак па літаратуры 6-10 прыказак, якія найбольш спадабаліся і запомніліся. 

Жадаю поспехаў!
==============================================
Беларуская мова ( 15.12.)
Паўтарыце правілы з двух апошніх параграфаў. Не забудзьце, што будзе разыгрывацца бал за лепшае веданне алфавіта.
Праверце свае веды па тэме "Прызначэнне літар е,ё,ю,я,і". Гэта практыкаванне дапаможа вам у гэтым.
А тут папрактыкуйцеся правільна вызначаць гукі і літары ў словах.
Паспрабуйце, прааналізуйце свае памылкі і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца. 
Жадаю поспехаў!

Заданне на дадатковыя балы!!!
( за правільна выкананае заданне -5б)
Пастаўце націск у словах.Складзіце з гэтымі словамі словазлучэнні.
Кіламетр, крапіва, выпадак, шэсцьдзясят. каменны, спіна, ласкавы, жалюзі, садавіна, камбайнер.  
====================================

Беларуская літаратура (на 22.12.)
Напамінаю, што вам трэба прачытаць твор І. Грачанікава
Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара".Знайсці яе можна тут. Паспрабуйце адказаць на наступныя пытанні:
- Якім ў творы паказаны цар?
- Як жылі людзі ў яго царстве?
- Як называлі яго людзі?
- Ці бачыў хто-небудзь з вяльможнага двара свайго цара?
- Калі і для чаго вырашыў цар намаляваць свой партрэт?
- Як выглядаў цар? ( зачытаць)
- За што быў пакараны першы мастак? 
- Як выглядаў цар на малюнку другога мастака? ( зачытаць)
- Як паводзіў  сябе Іван перад царом? 
- Ці спадабаўся цару малюнак Івана-ганчара? 

Дадатковыя балы!!!
- Падрыхтаваць невялікае паведамленне "Хто такі цыклоп?". У гэтым вам дапаможа наступны сайт.
- Намаляваць малюнак да любога эпізоду казкі і расказаць пра яго.
- Навучыцца выразна чытаць урывак "Размова Івана з царом".
 Спадзяюся, што вас цікава будзе паслухаць!

========================================================================
Беларуская мова( на 22.12.)
Рабяты, яшчэ раз прачытайце пра тыпы тэксту, звярніце ўвагу на кампазіцыйную будову тэксту кожнага тыпу. Запомніце!

Апісанне – тып тэксту, у якім апісваюцца, характарызуюцца прадметы, людзі, жывёлы, прырода і інш. У такіх тэкстах апісваюцца прадмет гаворкі (чалавек, жывёла, прырода і інш.) і яго  прыметы.
Схема апісальнага тэксту наступная: даецца агульнае ўяўленне аб прадмеце, яго ролі, выглядзе: апісваюцца яго  прыметы, уласцівасці: даецца агульная характарыстыка прадмета. Часта падкрэсліваюцца адносіны аўтара да яго, што апісваецца. Самае агульнае пытанне да тэкстаў-апісанняў – які прадмет?
Апісанне прадмета можа быць у навуковым і мастацкім стылях.

Апавяданне – тып тэксту, у якім паведамляецца пра дзеянні, падзеі (што было спачатку, потым, чым скончылася). У апавядальным тэксце падзеі апісваюцца  паслядоўна. Кампазіцыйная схема апавядання наступная:
 ЗАВЯЗКА (паведамленне пра месца, час, герояў),
                                        РАЗВІЦЦЁ ДЗЕЯННЯ,
            КУЛЬМІНАЦЫЯ (самы напружаны момант у тэксце);
                                        РАЗВЯЗКА (канец асноўнага дзеяння).
Для апавядальнага тэксту можна задаць агульнае пытанне: Хто? Што? Дзе? Калі? Як адбывалася дзеянне? Што адбывалася з прадметам? Апавяданне можа мець уступ і заключэнне.

У тэкстах тыпу разважанне аўтар раздумвае аб прычынах з’явы, чым прадмет карысны, як служыць людзям. Тэкст-разважанне дае даказ на пытанне ЧАМУ? (Чаму прадмет такі? Чаму ён робіць так, а не інакш?) Тэкст-разважанне звычайна падзяляецца на 3 часткі:
ТЭЗІС – выказваецца  асноўная пэўная думка;
ДОКАЗЫ гэтай думкі, дзе прыводзяцца аргументы і прыклады для пацверджання думкі;
ВЫВАД, які выходзіць з усяго роздуму над тэмай.


Апісанне
Апавяданне
Разважанне
1. Уяўленне аб прадмеце.
2.Уяўленне аб выглядзе і ролі прадмета.
3.Прыметы і ўласцівасці прадмета.
Які прадмет?
1. Завязка
2. Развіццё дзеяння (кульмінацыя).
3. Развязка.
Што? Дзе? Калі?

Як адбываецца?
1. Тэзісы.
2. Доказы.
3. Вынік.

Чаму прадмет такі?

Прачытайце наступныя тэксты. Паспрабуйце вызначыць тып тэксту і даказаць свой выбар. 
Тэкст  1
Ці добра мы, зямляне, ведаем сваю Зямлю, якая дала нам жыццё, корміць нас, дае ўсё неабходнае для нашага існавання? Ці добра мы ахоўваем нашу прыроду, на колькі  гадоў хопіць нам прыродных багаццяў? Як захаваць усё тое,  што дала прырода не толькі для нас,  але і для будучых пакаленняў людзей? Як выратаваць наш агульначалавечы дом, нашу адзіную Зямлю ад атамнай катастрофы? Гэтыя трывожныя пытанні ўсё часцей узнікаюць перад кожным чалавекам.

Тэкст 2
 Аднаго разу пасля абеду пайшлі мы з таварышам на мора  паглядзець, як  працуюць рыбакі. Яны доўга цягнулі сетку. У ёй было шмат рыбы: бычкі, камбала, сяўруга, судак. Раптам адзін рыбак схапіў багор, кінуўся  да сетак і выцягнуў  невялікага дэльфіна.  Дэльфін упаў ў ваду і хацеў знікнуць, але рыбак  неспадзявана, ненаўмысна параніў яго багром.
Мы кінуліся да дэльфіна. З раны ішла кроў. Дэльфін заплюшчыў вочы. З іх каціліся буйныя слёзы. Тады мы ўзялі яго і панеслі да нашай бухты.

Тэкст  3

Выйшаў я з хаты на ганак, а пад ботамі парыпвае свежы пушысты снег. Ён белымі ахапкамі ляжыць на стрэхах, на яблынях і грушах. Аснежаныя белыя кусты – нібы чародкі лебядзіныя. Ціха-ціха на двары. Чуваць, як шчоўкае мароз на сухіх жэрдках плота. Баяцца зварухнуцца дрэвы, хаця б ні пушыначкі, ні сняжыначкі. Не атрэсці са сваіх галін. Ім жа цяплей, ахутаўшыся ў белы пух.

Жадаю вам поспехаў!
==============================================
Дарагія пяцікласнікі! 
Зімовыя канікуля- гэта заўсёды добры настрой, вялікая колькасць падарункаў, песні, санкі, лыжы... Калі ж  раптам стане сумна,   паспрабуйце выканаць цікавыя заданні. Дадатковыя балы ў 3-яй чвэрці  будуць узнагародай за вашу працу.
Жадаю поспехаў!!!!

Тэма "Жывёлы"

Знайдзі і падкрэслі назвы жывёл. 
Палічы, колькі жывёл атрымалася. 


                                                                                       
Тэма "Птушкі" 

Знайдзі і закрэслі назвы птушак.


Тэма "Адзенне"
Запішы ў крыжаванку назвы адзення.


Тэма "Абутак"
Расшыфруй назвы абутку з дапамогай алфавіта.

26, 1, 18, 1, 3, 10, 12, 10
20, 1, 17, 12, 10
2, 16, 20, 28
3, 1, 13, 7, 15, 12, 10
12, 6, 5, 28
4, 1, 13, 17, 27, 28
20, 21, 23, 13, 10
13, 1, 17, 25, 10 

Заданні падрыхтавала   Н.Л. ДРЭНЬ

==============================================
Дарагія пяцікласнікі! 
Вось і закончыліся канікулы. У панядзелак сустракаемся на ўроках. Падрыхтуйце, калі ласка, на ўрок літаратуры  выразнае чытанне верша пра зіму любога аўтара ( калі ёсць жаданне, можна вывучыць верш на памяць). 
Дадатковыя балы!!!
Намалюйце малюнак на тэму "Зімовая прыгажосць".
==============================================
Беларуская мова (на 14.01.)
Паўтарыце правіла "Правапіс о,э,а". Запомніце правапіс наступных слоў. Гэта дапаможа напісаць слоўнікавы дыктант. 
Трыа, тунэль, шынель, маянэз, шніцаль, мільярдэр, камп'ютар, пэйджар, філе, камюніке, Токіа, кафэ, купэ, брызент, канцылярыя, арышт, лідар, дырыжор, цырымонія, чэмпіён, Юпітэр, Ландэр, тэніс, крывавы, трывога, горыч, брыво, блыха, крышыць.
Трэніровачнае практыкаванне

==============================================
Беларуская мова (на 19.01)
Устаўце прапушчаныя літары, праверце правапіс слоў і запомніце іх. У панядзелак будзе слоўнікавая дыктоўка. Звярніце ўвагу яшчэ і на словы, змешчаныя ніжэй( на 14.01)
Ж(а,э)мчужына, с(е,я)ржант, к(і,е)фір, ц(а,э)лафан, дз(е,я)сяты, Прып(я,е)ць, кал(е,я)ндар, ф(ія, іа)лка, ма(йа, я)нэз, ч(э,ы)мп(іо, іё)н, б(я,е)звольны, н(е,я)добры, м(е,і)даль, бал(е,я)рына, в(е,і)ранда, св(я,е)ткаванне, по(я,е)с, б(я,е)схмарнае. 
Трэніровачныя практыкаванні:
Правапіс Е,Я
Правапіс О,А,Э,Ы
=============================================
Беларуская мова (на 22.01)
Паўтарыце правапіс галосных о,э,а  е,ё,я і спалучэнняў галосных у запазычаных словах. Праглядзіце яшчэ раз словы , змешчаныя ніжэй. Запомніце іх правапіс. Гэта дапаможа паспяхова выканаць заданні арфаграфічнай хвілінкі.

Практыкаванні, змешчаныя ніжэй, дапамогуць  падрыхтавацца не толькі да ўрока, але і да алімпіяды. 
Паспрабуйце! Гэта цікава!
Патрэніруйцеся вызначаць колькасць гукаў у словах.
ДЖ і ДЗ : адзін ці два гукі?
 Для самых цікаўных заданне па фразеалогіі..
=========================================
Беларуская мова ( на 25.02)
Рабяты, праверка тэставай работы паказала, што вамі не вельмі добра засвоена ФАНЕТЫКА. Паўтарыце правілы параграфаў 1-4, успомніце галосныя гукі і фанетычны разбор. Паспрабуйце выканаць наступныя заданні:
1. Вызначце колькасць гукаў і літар у словах: сталіца, радасць, аб'ява,ясень, дзерці.
2. Зрабіце фанетычны запіс слоў: сцежка, лодка, пясчаны, грузчык, лічба, загадка, вадкасць. Патлумачце запіс. 
3. Знайдзіце словы, у якіх усе зычныя глухія: гараж, інжынер, хлопчык, кацёл, шчасце, аптэка, ход. 

Наступныя заданні на дадатковыя балы ( калі ёсць жаданне). Абавязкова выканаць Дуброўскаму В., Гойлік К., Здрадоўскаму М., Леванчуку А., Глякоўскаму П. 

Заданне 1.Спішыце, падзяляючы тэкст на сказы. У канцы сказаў пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. Знайдзіце сказ са звароткам, пастаўце знакі прыпынку.

 Вясна непрыкметна перайшла ў лета дні паплылі над зямлёй светлыя і сонечныя нагрэтая за вясну зямля набірала сілу зеляніна на ёй расла і шырылася жыта выйшла ў колас месцамі з’явіліся пяшчотныя каласкі з прыўзнятымі вусікамі зазелянелі ячмяні і аўсы дары сонейка зямлі сваё святло і цеплыню
                                                                                 
 Заданне 2.Устаўце прапушчаныя літары.
Б…логія, д…фрагма, п…яніна, пер…дыка, б…графія, д…гностыка, бал_рына, дз_сяты.                                                   
 Заданне 3. Запішыце словы па-беларуску.
Дежурный, легенда, канцелярия, вершина, равнина, ванна, режиссёр.
                                                     
Заданне 4. Прачытайце. Зрабіце сінтаксічны разбор сказаў.
А) Пад вечар неба зацягнулі цяжкія хмары.
Б) Разгуляўся вецер.
В) Вецер зламаў на полі дуплаваты разгалісты дуб, вывернуў з каранямі высачэзную ліпу.
Г) Пайшоў спорны халодны дождж.

   Заданне 5. Запоўніце табліцу.

Пішам


Вымаўляем

Футбол



След



Пяю



Ялінка 


                                                    
 Заданне 6. Падбярыце беларускія адпаведнікі да запазычаных слоў:
Антракт  - …, афіша - …, дыскусія - …, аргумент - …, бар’ер -…, аналогія -….
                                                    
Заданне 7. Дапішыце беларускія прымаўкі:
1.      Рыхтуй летам сані, а ….
2.       Жураўлі ляцяць высока -  ….
3.      Хто полю годзіць, у таго …
4.      Дарагая тая хатка, дзе …
5.      На чужой старане і …   
                                                             ЖАДАЮ ПОСПЕХАЎ!!!
  ==============================================

Прапаную вам некалькі цікавых заданняў на дадатковыя балы. Поспехаў!
1. Запішыце словы ў два слупкі:
1) словы, дзе ўсе зычныя гукі глухія;
2) словы, дзе ўсе зычныя гукі звонкія.
Гульня, вярба, шапка, каса, Яська, бульба, мёд. (1 бал)
2. Перастаўце літары так, каб утварыліся словы, якія нагадаюць пра свята Купалле. 
Эркча, княво, ёкрцас, таел, вкетак.( 1,5 б.)
3. Прачытайце словы. Вымавіце гукі ў адваротным пардку. Запішыце новыя словы.(2б)
Куль-.....                     Лета- .......
Толь- .....                     Лёс-........
4. Знайдзіце словы, якія не адпавядаюць схемам.
а) " Корань+суфікс+канчатак": прыгарадны, рака,летні, школьны.
б) " Прыстаўка+ корань+канчатак": заробкі, рыбак, пералётны, ножка.(2 б)
5. Перакладзіце словы на беларускую мову.
Крыса, пачка, бровь, лицо, лопата, диван, карандаш, луч, висок. (2,5)

===========================================

Паглядзіце! Успомніце! Запомніце!

Фотография



===================================
Рабяты, складзеныя вамі тэксты са слоў на адну літару можаце пачытаць на старонцы "Нашы напрацоўкі".

==============================================

Рабяты, заўтра ( 06.05) на ўроку беларускай мовы  будзем пісаць слоўнікавую дыктоўку. Паўтарыце правілы параграфаў 29,30.         
============================================
Заданне па літаратуры( на 18.05)
Рабяты, нагадваю, што вам неабходна прачытаць частку "Пра Вясёлую Бараду і пра чорнага Жука". Паўтарыце яшчэ раз змест першай часткі( "Пра Мішкава дзяцінства і аб тым, як ён маліну любіў"). 
Звярніце ўвагу на прапанаваныя пытанні і заданні
- Хто такі Мішка?
- Як адносілася маці да Мішкі?
- Па якой прычыне Мішка быў сумны?
- Чаму Мішку не спадабалася знаёмства з жабай, чмялём, пчоламі, вожыкам?
- За што Мішка любіў аўсяныя каласкі?
- Хто такі Вясёлая Барада?
- Як жылі паміж сабой Барадаты і Жук?
- За што казла празвалі Барадатым?
- Чаму аўтар называе Жука і Барадатага вайсковымі асобамі?
- За што чырвонаармейцы празвалі Жука і Барадатага батальённымі веселунамі?
- Чаму чырвонаармейцы задзіралі нос перад трэцім батальёнам?
!!! Дадатковыя балы
Паспрабуйце скласці сінквейн на любую з тэм ( схема сінквейна запісана ў вашых сшытках) 
1. МІШКА
2. БАРАДАТЫ
3. ЖУК
==============================================
УВАГА! Твор для пазакласнага чытання
М. Зарэмба "ПАДДАЎКІ"
Паспрабуйце адказаць на наступныя пытанні:
- Ад чыйго імя вядзецца апавяданне?
- Якая мянушка была ў Жоржыка? Чаму яна з'явілася?
- У чым заключаліся правілы гульні ў паддаўкі і хто іх прыдумаў?
- Хто заўсёды перамагаў у гульні?
- Я кое заданне Цыгана павінен быў выконваць Шурка за пройгрыш у паддаўкі?
- Чаму Шурка стаў пярэчыць важаку?
- Як Цыган расправіўся з Шуркам?
- Што, на вашу думку, зрабіла Жоржыка такім злосным? Што вядома пра яго сям'ю? 
- Чаму Мішка водзіцца з Жоржыкам?
- Які характар мае Мішка?
- Чаму Мішка разбурыў церамок Цыгана? Што паўплывала на змены ў яго паводзінах?
- Хто такі лідар? Якімі якасцямі ён павінен валодаць?


Комментариев нет: